Сардэчна запрашаем у музей

У Белдзяржфілармоніі існуе музей адной асобы. Гэта з’ява рэдкая і незвычайная. Творчы лёс Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна быў цесна звязаны з храмам музыкі. Віртуозны музыкант, таленавіты кампазітар і геніяльны аранжыроўшчык, заснавальнік і кіраўнік культавай групы «Песняры»...
Жыццё Уладзіміра Мулявіна поўнае парадоксаў. Рускі, які нарадзіўся на Урале, Мулявін стаў сапраўдным беларусам. У пачатку 60-х ён прыехаў у Мінск і сорак гадоў свайго жыцця прысвяціў нашай зямлі, услаўляючы яе. «Спадчына», «Слуцкія ткачыхі», «Малітва», «Беловежская пуща», «Ой, рана на Йвана», «Ой, калядачкі» і шмат іншых песень з рэпертуару ансамбля «Песняры» знаёмілі свет з маленькай прыгожай краінай, з яе мовай, традыцыямі і культурай. Фальклор стаў асновай творчасці Уладзіміра Мулявіна, беларускія класікі былі той крыніцай, якая натхняла яго. Усё стваралася з вялікай любоўю на высокім прафесійным узроўні.
Яшчэ ў юнацтве У.Мулявін паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча, але быў адлічаны з другога курса за захапленне джазам. Аднак жыццё дало магчымасць таленту развівацца. Сустрэча з выдатнымі музыкантамі ў час службы ў Ансамблі песні і пляскі Беларускай ваеннай акругі, работа ў эстрадных брыгадах філармоніі – вось школа, якую У.Мулявін прайшоў «на выдатна».
У 32 гады музыканту прысвоена званне «Заслужаны артыст БССР», праз 6 гадоў – «Народны артыст БССР». У.Мулявін стаў адзіным мастацкім кіраўніком эстраднага ансамбля, хто атрымаў ганаровае званне «Народны артыст СССР». У 1986 годзе Уладзімір Георгіевіч Мулявін прыняты ў Саюз кампазітараў СССР. Творчая супольнасць прызнала вялікі талент чалавека, які не меў прафесійнай музычнай адукацыі.
За час існавання ансамбля «Песняры» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна на суд гледачоў было прадстаўлена 12 праграм. Па сутнасці, гэта – міні-спектаклі з шырокім спектрам тэм, аўтараў і пастаўленых задач. Разам з музыкантамі над імі працавалі рэжысёры, мастакі, харэографы.
Талент, памножаны на неверагодную працаздольнасць, і ўменне правільна арганізаваць работу дазволілі У.Мулявіну дасягнуць вышынь у сваёй дзейнасці. Гэта і трыумфальныя гастролі 1976 года па 11 гарадах ЗША, і «Залаты дыск» (1982) за самы вялікі тыраж прададзеных грампласцінак, і запіс кампакт-дыска з 15 песень у рэкордна кароткі тэрмін – 4 дні – на студыі гуказапісу ў Галандыі (1994). Заслужаным прызнаннем таленту Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна стала запрашэнне выступіць з прэм’ерай праграмы «Вянок» на вершы М.Багдановіча ў Нью-Ёрку ў рамках 46-га пасяджэння Генеральнай Асамблеі ААН.
Уся творчасць Песняра яркая, неардынарная. Яна не пакідала і не пакідае абыякавым нікога. На Алеях Зорак у Маскве, Віцебску і Екацерынбургу ззяе імя Уладзіміра Мулявіна. Нават у бясконцым Сусвеце на адлегласці 6500 светлавых гадоў ад Зямлі ў сузор’і Касіяпеі ёсць Галактычная Туманнасць W-5, якая называецца «Уладзімір Мулявін».
Удзячнасць сучаснікаў вялікаму Маэстра знаходзіць сваё адлюстраванне ў такіх знакавых падзеях, як стварэнне музея У.Г.Мулявіна (2003), прысваенне бульвару яго імя (2004), устаноўка помніка ў скверы каля філармоніі (2017).
Музей Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна – асаблівае месца. Тут можна ўбачыць асабістыя рэчы, музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы кіраўніка і ўдзельнікаў ансамбля «Песняры». Музейныя прадметы даюць магчымасць наведвальніку дакрануцца да творчасці, трапіць ў атмасферу тых гадоў і пражыць некаторы час разам з У.Г.Мулявіным і яго знакамітым калектывам.